История города » 2010 » Январь » 13 Студзень1. Спаўняецца 70 год з дня ўтварэння (15 студзеня 1940 г.) Іўеўскага і былога Юрацішскага раёнаў.
2. 10 год таму (12 студзеня 2000 г.) г. п. Іўе набыў статус горада.
3. Прайшло 50 год (20 студзеня 1960 г.), калі быў скасаваны Юрацішскі раён, а яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Іўеўскага раёна.
4. 25 студзеня спаўняецца 120 год з дня нараджэння І. Бобіча (П. Простага), празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, святара Іўеўскага касцёла.
5. 65 год назад (1945 г.) у Іўі нарадзіўся Мікалай Іванавіч Пазняк, доктар медыцынскіх навук, прафесар, вядомы акуліст Беларусі.
Люты
1. 85 год таму (1925 г.) нарадзілася Яўгенія Іванаўна Кошалева, заслужаная настаўніца Беларусі і цудоўны чалавек. 2. Прайшло 70 год (1940 г.), калі ў в. Няхведкі быў створаны адзін з першых калгасаў у былым Юрацішскім раёне на чале з Мікалаем Іванавічам Клінцавічам, расстраляным гітлераўцамі 2 ліпеня 1941 г.
3. 10 лютага 1940 г. (70 год таму) адбылася першая масавая дэпартацыя жыхароў Іўеўшчыны ва ўсходнія рэгіёны былога СССР.
Сакавік
1. 85 год прайшло з тае пары, калі Валожынскі павятовы соймік выкупіў у Іпаліта Корвін-Мілеўскага Лаздунскі маёнтак, на базе якога была створана сельгасшкола (тэхнікум), якая праіснавала да верасня 1939 г. Вялікая эксперыментальная гаспадарка школы стала асновай для стварэння ў 1940 г. школы ветсанітараў і калгаса, старшынёй якога быў абраны Пётр Рагойша родам з-пад Ракава.
2. 80 год з дня нараджэння (23. 03. 1930 г.) Анатоля Міхайлавіча Русаковіча, выпускніка Юрацішскай школы 1950 г. і БДУ 1960 г., Акадэміі грамадскіх навук 1969 г., кандыдата гістарычных навук, былога старшага інспектара ЦК КПСС, таленавітага журналіста Гродзеншчыны ў 60-я гады. Памёр у красавіку 1978 г.. Пахаваны ў Маскве.
3. Мінула 50 год, калі на базе некалькіх калгасаў быў створаны саўгас "Трабы” (цяпер СВК "Трабы”).
Красавік
1. Мінула 340 гадоў з тае пары (1670 г.), калі магнат М. Пац абавязаў Ліпнішкі, як і Геранёны, утрымліваць артылерыю і Віленскі арсенал ВКЛ.
2. 400 год таму (1610 г.) у Іўі пачало працаваць выдавецтва Троіцкага брацтва, якое надрукавала многа кніг і адыграла вялікую ролю ў развіцці культуры нашага краю.
3. 1 красавіка спаўняецца 65 год з дня смерці ад бандыцкай кулі Сяргея Ільіча Васюкевіча (1923-1945), настаўніка і першага інспектара школ Іўеўскага РАНА.
Май
1. Спаўняецца 85 год з дня нараджэння Анатоля Канстанцінавіча Побаля (1925-1970), падпольшчыка ў часы Вялікай Айчыннай вайны, былога камсамольскага і партыйнага дзеяча БССР, кандыдата эканамічных навук, ураджэнца в. Мікалаева.
2. Прайшло 245 год з тае пары (1765), калі ў Іўеўскім маёнтку Агінскіх стаў працаваць шпіталь.
3. 105 год назад у Іўі адбылася забастоўка рабочых гарбароў і шаўцоў у часе першай рэвалюцыі ў Расіі 1905-1907 гг.
Чэрвень
1. 625 год таму (1385 г.) у нямецкіх хроніках упершыню ўпамінаецца в. Сурвілішкі (Сурвіліндорф), былое мястэчка, у якім у 1550 г. быў пабудаваны помнік дойлідства ў стылі барока - касцёл Святой Троіцы.
2. 490 год назад Геранёны набылі статус мястэчка, у якім у 1575 г. адбылося некалькі з’ездаў шляхты Польшчы і ВКЛ, на апошнім з якіх на пасаду караля Польшчы і ВКЛ быў прапанаваны Стэфан Баторый, які кіраваў дзяржавай у 1576-1586 гг. і пахаваны ў Гародні.
Ліпень
1. Роўна 600 год, як адбылася важная падзея для Іўя. За актыўны ўдзел татар у бітве пад Грунвальдам (Дуброўная) 15 ліпеня 1410 г. вялікі князь Вітаўт падараваў ім зямлю каля Іўя - Мураўшчызну. Цяпер у Іўі на тым месцы знаходзіцца вул. Леніна.
2. 25 год таму (15. 07. 1985 г.) вёска Эйгерды стала цэнтрам сельсавета на базе былога Такарышскага сельсавета.
Жнівень
1. 510 год мінула з тае пары (мяжа XV-XVI ст.), як быў узведзены Геранёнскі замак уладаром гэтых і многіх іншых мясцін Альбрэхтам Мартынавічам Гаштольдам, рэзідэнцыя якога знаходзілася ў вядомых у той час ва ўсёй Еўропе Геранёнах.
2. Спаўняецца 145 год (1865 г.) з часу ўзвядзення Свята-Троіцкай царквы ў вёсцы Морына, святаром якой доўгі час працаваў бацька Лідзіі Іванаўны Ржэцкай, народнай артысткі СССР і БССР.
3. 90 год таму (1920 г.) Чырвоная Армія ўступіла на Іўеўшчыну. У гэты час ішла вайна Савецкай Расіі з Польшчай.
Верасень
1. Мінула 525 год, калі ў Іўі тутэйшы ўладар Ян Кішка на свае сродкі адкрыў знакамітую арыянскую школу, рэктарам якой працаваў Ян Ліцыній Намыслоўскі, мысліцель-гуманіст, навуковец, паэт і педагог.
2. 65 год таму ў Геранёнах створаны калгас "Вольнае жыццё”.
3. 17 верасня спаўняецца 60 год (1950 г.) з дня нараджэння выпускніка Морынскай СШ, паэта і дзяржаўнага дзеяча Беларусі Івана Арсеньевіча Карэнды, ураджэнца вёскі Крывічы.
4. 1 верасня спаўняецца 60 год з дня нараджэння Пятра Паўлавіча Піліпенкі (1945-1975 гг.), ураджэнца Юрацішак, які, ахвяруючы жыццём, накіраваў палаючы самалёт ў рэчышча Паўночнай Дзвіны ў г. Архангельску.
5. 95 год назад (канец верасня 1915 г.) кайзераўскія войскі акупіравалі тэрыторыю Іўеўскага раёна. Амаль на 3 гады пазіцыйны фронт усталяваўся на рацэ Нёманская Бярэзіна і тэрыторыі Вішнеўскай пушчы (частка Налібокскай пушчы).
Кастрычнік
1. 155 год назад (1855 г.) маёнтак у Іўі набыў тытул графства.
2. 90 год таму (1920 г.) Іўеўшчына дэ-факта ўвайшла ў склад другой Рэчы Паспалітай.
3. 65 год прайшло (1945 г.), як у Іўі былі адноўлены прамкамбінат, бальніца, бібліятэка, дзіцячы дом і іншыя ўстановы.
4. Спаўняецца 60 год (1945 г.), калі ў Камянчанах быў створаны калгас "Радзіма” (цяпер СВК "Камянчане”).
Лістапад
1. Мінула 215 год (1795 г.), як Іўеўшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі.
2. Прайшло 120 год (1890 г.), калі ў Ліпнішках быў пабудаваны цагляны помнік дойлідства - касцёл Святога Казіміра.
3. Споўнілася 105 год з тае пары (1905 г.), як у Трабах пабудаваны архітэктурны помнік Беларусі - двухвежавы цагляны касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Снежань
1. 180 год таму назад (1830 г.) царызм Расіі ўвёў ваеннае становішча ў Літве і Беларусі, у тым ліку і ў Ашмянскім павеце (у яго ўваходзіла наша тэрыторыя) падчас паўстання 1830-1831 гадоў.
2. Спаўняецца 85 год з дня нараджэння Віктара Канстанцінавіча Шарэцкага (1925-1993 гг.), заслужанага работніка культуры Беларусі, стваральніка і дырыжора Народнага хора в. Барава.
3. 75 год мінула з дня нараджэння (1935 г.) доктара тэхнічных навук, прафесара Сцяпана Сафронавіча Гурына, выпускніка Юрацішскай СШ, ураджэнца в. Ляпешкі. |